Канцэртная праграма “Музыка перш за ўсё…” в городе Минск
“Музыка перш за ўсё…” – паўтарыў услед за французскім паэтам Максім Багдановіч. Словы гэтыя невыпадковыя, бо неаднойчы сам Багдановіч звяртаўся думкамі да няўлоўнай прыгажосці – сакрэта музычнасці паэтычных твораў. Разважаў пра Моцарта і Сальеры, пра натхненне і штодзённую працу. Ведаў і любіў сусветную сімфанічную класіку і праводзіў паралелі паміж стварэннем музыкі і паэзіі.
26 студзеня а 19-й гадзіне Літаратурны музей Максіма Багдановіча распачынае шэраг сумесных мерапрыемстваў з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй і запрашае вас на канцэрт ансамбля салістаў “Класік-Авангард” (мастацкі кіраўнік – Людміла Каліноўская). Неабмежаваная жанрава-стылістычная палітра рэпертуара, няспынныя творчыя пошукі, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства – асноўныя характарыстыкі гэтага “маленькага аркестра”: Юрый Каліноўскі (скрыпка), Вікторыя Янушкевіч (флейта), Кірыл Целяпнёў (кларнет), Раман Чырык (валторна), Максім Забара (фагот), Канстанцін Дарашэнка (альт), Андрэй Іваноў (фартэпіяна).
Прагучаць вядомыя музычныя кампазіцыі: дуэт Ф.Хофмайстэра, уверцюра Э.Шпіса, дывертысмент В.А.Моцарта, саната Э.Ізаі, музыка з балета “Рамэа i Джульета” С.Пракоф’ева, накцюрн Л.Жадэна, інтэрмецца А.Цфасмана.
Падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах:
+375 29 850 73 27, +375 17 363 07 61.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча,
Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а.