Гісторыі дзіўнага свету в городе Минск
ГІСТОРЫІ ДЗІЎНАГА СВЕТУ
15 студзеня, 19.00
Праект Цэнтра беларускай драматургіі і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі
Жанр: чытанне п'есы
Драматург: Алена Папова
Пераклад: Анастасія Васілевіч
Працягласць: 1 г. 30 хв. без антракту
16+
Цэнтр беларускай драматургіі запрашае на тэатралізаванае чытанне п'есы "Гісторыі дзіўнага свету” Алены Паповай.
“Гісторыі дзіўнага свету” – трыптых з маленькіх п’ес "Дуй!”, "Пячора Цыклопа” і "Дрэва”. Усе яны прасякнуты экзістэнцыйным настроем і прагай герояў да лепшага жыцця. Аднак ці існуе гэта лепшае жыццё альбо наша рэчаіснасць – самае каштоўнае? Сапраўды дзіўныя гісторыі пра іншапланецяніна, магічную пячору і незнаёмца-трыксцера пераўтвараюцца ў сучасныя прытчы. Містычная атмасфера, нябачныя рэчы і космас – усё гэта можна знайсці ў п’есе Паповай.
Алена Папова – знакаміты беларускі драматург і празаік, лаўрэат тэатральнай Прэміі імя К. Крапівы. Яе п’есы ставіліся ў тэатрах Беларусі, Расіі, Украіны, Кыргызстана, Германіі, Швейцарыі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Японіі. Яшчэ ў 1994 годзе Алена Папова стала пераможцай Першага Еўрапейскага конкурсу п'ес, а яе драматургічныя творы неаднаразова траплялі на розныя тэатральныя фестывалі і конкурсы.
Сцэнічнае чытанне п'есы – тэатралізаваная прэзентацыя п'есы, «правобраз» спектакля. Акцёры чытаюць тэкст з ліста.
Чытанне адбудзецца на беларускай мове.