
Программа документальных фильмов: «Янка Купала. ... Я адплаціў народу», «Я - часовы вандроўнiк. Якуб Колас. Паэт i чалавек»
«Янка Купала. ... Я адплаціў народу»: Янка Купала – адзін з духоўных сімвалаў Беларусі. Ён усё рабіў дзеля таго, каб беларусы адчулі сябе паўнавартасным народам. Гэта постаць, якую ўжо нічым з вышыні сучаснасці нельга зменьшыць. Але цяжар прызнанасці, залічэння ў сонм класікаў прыводзіць да акамянеласці асобы. Аўтары фільма знімаюць гэтую акамянеласць – праз увесь фільм гучаць вершы. Патрыятычныя, якія апяваюць Беларусь і наш народ, будзяць яго ад гістарычнае апатыі і вечнае тугі. Містычныя, якія шэпчуць пра ажыўленне мінуўшчыны, што спіць у кургане. І інтымна-лірычныя, напоўненыя патаемным хараством, вечнай пачуццёвасцю і прагай да жыцця. (на беларускай мове)
«Я - часовы вандроўнiк. Якуб Колас. Паэт i чалавек»: Творчасць народнага паэта Беларусі Якуба Коласа складае цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры. Яго па праву лічаць заснавальнікам нацыянальнай прозы, яго пяру належаць і нашы паэтычныя шэдэўры – паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, у разрад нацыянальнай класікі ўвайшлі вершы Коласа. Жыццё і творчасць гэтага чалавека сталі значным укладам у беларускую культуру. Заслуга Якуба Коласа, як нацыянальнага паэта ў тым, што ён адкрыў для развітых літаратур свету беларускае слова, апеў беларускі народ. Сэнсам і пафасам творчасці пісьменніка стала непарыўная сувязь з народным жыццём, з лепшымі нацыянальнымі традыцыямі. Мастацкая вартасць твораў Якуба Коласа пацвярджаецца на працягу стагоддзя ўсё новымі пакаленнямі чытачоў.